Тыдзень беларускай мовы, літаратуры і гісторыі

03.05.2021

З 26 па 30 красавіка ў школе прайшоў Тыдзень беларускай мовы, літаратуры і гісторыі.  У мерапрыемствах, праведзеных  па плане, прынялі ўдзел вучні 5-11-х класаў. Праграма Тыдня была накіравана на абуджэнне цікавасці да культуры і гісторыі сваёй краіны, фарміраванне павагі і пашаны да нацыянальнай спадчыны свайго народа і яе лепшых прадстаўнікоў, павышэнне інтэлектуальнага развіцця і выхаванасці навучэнцаў.

У панядзелак вучні  7-х класаў прымалі ўдзел у квэсце “Падарожжа па роднай краіне”, дзе мелі магчымасць праверыць і папоўніць свае веды па лексіцы, фразеалогіі, літаратуры, гісторыі. 

У аўторак  этнаграфічны куток “Беларуская хатка” запрасіў вучняў 6-х класаў на свята “Гуканне вясны”. У  цікавай, дынамічнай і насычанай праграме мерапрыемства  былі паказаны традыцыйныя вясеннія гульні, абрады, танцы беларусаў.

Гістарычная гульня “Кола часу” дала магчымасць вучням 9-10-х класаў узнавіць веды па гісторыі краіны, а таксама пазнаёміцца з цікавымі падзеямі айчыннай і замежнай гісторыі.

У чацвер вучні 5-6-х класаў актыўна прымалі ўдзел у конкурсе малюнкаў “Гісторыя маёй краіны ў творах літаратуры”.

Трагічным  і гераічным  старонкам нашай гісторыі, а таксама прызыву быць асцярожнымі і адказнымі ў сваёй дзейнасці, беражлівымі да прыроды  быў прысвечаны рэквіем памяці “Званы Чарнобыля”.

Ушанаванню памяці вялікіх майстроў слова была прысвечана літаратурна-музычная кампазіцыя “Тры волаты Віцебшчыны”.  Вучні мелі магчымасць далучыцца не толькі да ўжо вядомай  ім   творчай спадчыны пісьменнікаў і паэтаў, але і адкрыць для сябе новыя цікавыя факты біяграфічных і творчых старонак нашых землякоў. 

Праведзеныя  мерапрыемствы дапамаглі выявіць зацікаўленасць вучнямі традыцыямі  свайго народа, паказалі іх добрыя веды па мове, літаратуры і гісторыі.  На працягу ўсяго Тыдня вучні прымалі актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, што спрыяла павышэнню культурнага, інтэлектуальнага ўзроўню, выхаванасці і згуртаванасці нашага маладога пакалення.